ІНСТЫТУ́Т СЕ́ЛЬСКАЙ І ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІ Беларусі імя У.​І.​Леніна.

Існаваў у 1927—30 у Мінску як н.-д. ўстанова пры СНК БССР. Меў 5 аддзелаў (с.-г. эканомікі і аграрнай палітыкі, раслінаводства і прыкладной батанікі, жывёлагадоўлі і прыкладной заалогіі, меліярацыі і культуры балот, лясной гаспадаркі) з доследнымі станцыямі, геафіз. абсерваторыю, хім. лабараторыю, Бюро сялян-даследнікаў і с.-г. секцыю Ін-та бел. культуры. Выдаваў зборнікі прац і час. «Сельская і лясная гаспадарка». Закрыты ў сувязі з рэпрэсіраваннямі дырэктара і вядучых вучоных ін-та. На базе яго аддзелаў пазней засн. шэраг н.-д. ін-таў (земляробства, меліярацыі і воднай гаспадаркі, лясной гаспадаркі — цяпер Ін-т лесу Нац. АН), Гідраметэаралагічная служба Беларусі. У Ін-це Працавалі: акадэмікі АН Беларусі Г.І.Гарэцкі, А.Д.Дубах, А.І.Кайгародаў, М.К.Малюшынскі, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў, акад. УАСГНІЛ і АН УССР Г.М.Высоцкі, чл.-кар. АН Беларусі С.П.Мельнік, засл. дз. нав. Беларусі В.К.Захараў і інш.

У.​Ф.​Багінскі.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)